Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы пасол Славаччыны ў Беларусі выступіў супраць «напампоўваньня зброяй» Украіны


Ёзэф Мігаш, архіўнае фота
Ёзэф Мігаш, архіўнае фота

Пастаўкі заходняй зброі Кіеву «аддаляюць магчымасьць мірнага ўрэгуляваньня» канфлікту ва Ўкраіне. З гэтым сьцьвярджэньнем пагадзіўся пасол Славаччыны ў Менску Ёзэф Мігаш у інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1», перадае «Позірк».

«Ведаеце, якая самая лепшая вайна? Якая ніколі не пачыналася. І калі шарахаюць зьнішчальнікам і танкам, гэта ня выхад з вайны, не. Таму я ўвогуле згодны з пазыцыяй вашага прэзыдэнта, як ён кажа: „А для маёй краіны самае важнае — мір і дабрабыт народу“. Правільна, абсалютна правільна», — заявіў Мігаш.

Ён таксама лічыць, што «перамовы дапамогуць» ва ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу, і выказаў салідарнасьць з Аляксандрам Лукашэнкам у тым, што «ня трэба шарахаць шашкамі, трэба, нарэшце, сесьці і гаварыць».

«Я вырашыў, што я прыеду назад і пастараюся наладзіць адносіны паміж Беларусьсю і Славаччынай, як былі раней, — сказаў дыплямат. — Я проста не разумею, чаму мы, славакі і беларусы, славянскія краіны, блізкія па гісторыі, па мове <...>, мусім быць непрыязнымі краінамі. Гэта глупства».

«Хацелі, каб я сюды прыехаў, і ўрад, і прэзыдэнт», — дадаў ён.

Пры гэтым амбасадар паскардзіўся на санкцыі ЭЗ, празь якія, паводле яго, ён быў вымушаны ехаць у краіну на ўласным аўтамабілі.

Мігаш заявіў, што Беларусь «перажыла генацыд», і анансаваў свой удзел у мерапрыемствах да гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны 22 чэрвеня ў Берасьці.

Эўропу «вызваліла чырвоная армія», сказаў ён:

«Сябры мае, мы б ніколі ня вызваліліся. Гэтая чума, якая распаўсюдзілася па ўсёй Эўропе — гэта не была выпадковасьць. <...> Што тычыцца славянаў, нам бяда б была. Я ня ведаю, маладыя людзі, дзе б вы былі цяпер».

Копіі даверчых грамат Мігаш уручыў міністру замежных справаў Максіму Рыжанкову 11 чэрвеня.

Ёзэф Мігаш быў амбасадарам Славаччыны ў Беларусі ў 2016–2020 гадах і падаў у адстаўку пасьля таго, як МЗС краіны раскрытыкаваў яго за ўдзел ва ўрачыстасьцях з нагоды 9 траўня ў Менску ў 2020 годзе. Пасьля гэтага Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў яго ордэнам Францыска Скарыны2.

Беларусь закрыла амбасаду ў Браціславе восеньню 2023 года. Апошнім паслом Беларусі ў Славаччыны быў Ігар Ляшчэня, які падаў у адстаўку ў жніўні 2020 года.

Да нядаўняга часу Браціслава была пасьлядоўным крытыкам рэжыму ў Менску. Аднак палітыка зьмянілася пасьля таго як восеньню 2023 года на парлямэнцкіх выбарах у Славаччыны перамагла партыя прарасейскага папуліста Робэрта Фіца, які ў чацьвёрты раз стаў прэм’ер-міністрам краіны (перш у 2006—2010, 2012—2016 і 2016).

Шкадаваньне ў сувязі з прызначэньнем Славаччынай амбасадара ў Беларусі выказаў у камэнтары «Позірку» дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

«Вельмі шкада. Хоць гэтага і трэба было чакаць ад славацкага ўрада. На жаль, гэты крок ідзе насуперак агульнаэўрапейскай пазыцыі і толькі на руку Лукашэнку і Пуціну», — зазначыў ён.

«Цікава, ці будзе пасол у Менску змагацца за вызваленьне палітзьняволеных і ўздымаць непрыемныя пытаньні перад рэжымам? Сумняваюся», — дадаў ён.

Пасьля падзей 2020 году краіны Эўразьвязу, якія не прызналі вынікі выбараў у Беларусі, ня маюць у Менску сваіх амбасадараў, іх замяняюць часовыя павераныя ў справах.

Скандал у 2020-м годзе

Нягледзячы на адмову амбасадараў краінаў Эўразьвязу ва ўмовах каранавірусу, амбасадар Славаччыны Ёзэф Мігаш прысутнічаў на вайсковым параде ў Менску 9 траўня 2020 году.

У адказ на крытыку з боку МЗС сваёй краіны Мігаш падаў у адстаўку, якая была прынятая. У замежнапалітычным ведамстве палічылі, што ён парушыў прынцыпы камунікацыі са штаб-кватэрай.

Пасьля гэтага Аляксандар Лукашэнка правёў сустрэчу з Ёзэфам Мігашам і ўручыў яму ордэн Францішка Скарыны.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG