У Берасьці рыхтуюць перабудову моста цераз Мухавец

Дарожныя работы, архіўнае фота

Пры гэтым мясцовыя ўлады заявілі, што цалкам перакрываць мост, накіроўваючы аўтамабілі ў аб’езд, ня будуць. Аднак мост даўно заслугоўвае рэканструкцыі. Работы пачнуцца ўжо ў канцы чэрвеня.

Пра гэта піша БелТА з спасылкай на дырэктара Ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва Берасьця Ігара Касянкова.

Мост злучае бульвар Шаўчэнкі і Варшаўскую шашу. На таргах генэральным падрадчыкам выбралі «Мостаатрад нумар 58» — філіял ААТ «Мостабуд». Ужо 20 чэрвеня з кампаніяй падпішуць пагадненьне, а на наступным тыдні пачнуцца работы. Цалкам рух па мосьце перакрываць ня будуць, — толькі ў тых яго частках, дзе будуць праводзіць работы.

Рэканструкцыя будзе паэтапнай. На мосьце да канца наступнага году збудуюць новае адгалінаваньне, а ў 2027 годзе дэмантуюць цяперашнюю лінію, каб пабудаваць новую на ранейшым месцы. Фінансаваньне праекту будзе весьціся за кошт крэдыту Банку разьвіцьця. На бягучы год выдзелена каля Br8,8 млн. На выкананьне работаў адведзена 43 месяцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Берасьцейскі акумулятарны завод «АйПаўэр» сыходзіць у часовы прастой, — «Еўрарадыё»

Пабудаваны ў 1960-х гадах, мост ужо не адпавядае сучасным стандартам. Яго пралёты зробяць з жалезабэтону, пралёт у цэнтральнай частцы будзе мэталічным. Згодна з праектам, абноўлены мост будзе складацца зь дзьвюх частак, зь дзьвюма палосамі руху ў кожны бок (цяпер — па адной). Ходнікі зробяць больш прасторнымі для пешаходаў і раварыстаў, заменяць асьвятленьне.

У ходзе рэканструкцыі таксама перабудуюць кальцо на бульвары Шаўчэнкі. З боку Варшаўскай шашы пашыраць палосы, зьявяцца дадатковыя ўезды/зьезды з моста.

«Рух перакрывацца ня будзе, але будуць пэўныя часовыя нязручнасьці. Напрыклад, з боку бульвара Шаўчэнкі вельмі шмат кабэльных лініяў, іх усе трэба выносіць і перабудоўваць», — заўважыў Ігар Касянкоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У цэнтры Горадні абвалілася сьцяна 125-гадовага дома