Як паведаміла беларускае выданьне «Люстэрка», першы намесьнік міністра архітэктуры і будаўніцтва Алег Швец зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі зь лістом аб складанай фінансавай сытуацыі на прадпрыемствах «Гомельшкло» і Горадзенскім шклозаводзе, для якіх закрыўся эўрапейскі рынак пасьля ўвядзеньня летась у кастрычніку санкцыяў Эўразьвязу.
Журналісты сьцьвярджаюць, што маюць у распараджэньні копіі адпаведных лістоў, датаваных лістападам і сьнежнем 2024 году.
У гэтых зваротах адзначалася, што аб’ёмы продажу прадпрыемства «Гомельшкло» (пасьля ўвядзеньня санкцыяў і страты 40 % рынку збыту) скараціліся ўтрая. У выніку, піша выданьне, летась выручкі хапіла толькі на крытычна важныя выдаткі, а запазычанасьць за газ (больш за 17,3 мільёна рублёў) і крэдыты заставаліся нявыплачанымі.
Горадзенскі шклозавод, куды ўваходзяць нацыяналізаванае прадпрыемства «Ялізава», як вынікае зь ліста, адгружалі ў Эўропу 85% прадукцыі (хоць у іншым дакумэнце, адрасаваным Міністэрству эканомікі, адзначаецца, што ў ЭЗ і Ўкраіну ішло ўсяго 20−30% прадукцыі). У выніку прадпрыемства не змагло разьлічыцца з пастаўнікамі сыравіны.
Пры дапамозе BelPol журналісты высьветлілі, што чыноўнікі прасілі ў Аляксандра Лукашэнкі бюджэтнай падтрымкі для прадпрыемстваў — 47 мільёнаў даляраў на інвэстыцыйны праект для «Гомельшкла». Яны мелі быць абмененыя на акцыі прадпрыемства, якое і так дзяржаўнае. Апроч таго, кампанія атрымала адтэрмінаваньне ў вяртаньні пазык і адсоткаў на 5−10 гадоў, а таксама кампэнсацыю адсоткаў на крэдыты зь дзяржаўнага бюджэту.
У сьнежні 2024 году Беларуская шкляная кампанія вылучыла «Гомельшклу» крэдыт на 24,5 мільёна рублёў. Коштам падаткаплатнікаў заводу абяцалі кампэнсаваць 11,4 мільёна рублёў — гэта выдаткі на пастаўкі прадукцыі морам, з расейскага порту ў Турэччыну.
Горадзенскі шклозавод атрымаў з абласнога інавацыйнага фонду для аплаты крэдытаў 6 мільёнаў рублёў у 2024 годзе, яшчэ 16 мільёнаў плянавалі вылучыць сёлета. Беларуская шкляная кампанія, у якую ўваходзяць абодва праблемныя прадпрыемствы, выдала заводу крэдыт на 24,5 мільёна рублёў. Таксама ўлады павялічылі ўтылізацыйны збор для вытворцаў і імпартэраў з 270 да 330 рублёў за тону (імаверна, сам Горадзенскі завод ад яго вызвалілі).
Апроч таго, абодва прадпрыемствы атрымалі адтэрмінаваньне выплатаў за газ на год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы пакет санкцыяў Эўразьвязу мае пашырыць фінансавую блякаду БеларусіКраіны Эўразьвязу, ЗША, Канада, Вялікая Брытанія і Японія пачалі ўводзіць санкцыі супраць Беларусі пасьля жорсткіх разгонаў акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе, а пазьней іх пашырылі за падтрымку ўладамі Беларусі расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны.
Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.
У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.
24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:
- У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
- У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
- У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
- У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
- У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
- У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
- Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.
Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў
Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.
Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.
Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.
Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».