На форуме абмяркоўваюць палітычнае лідэрства, абарону правоў чалавека і запуск Праграмы жаночага лідэрства для Беларусі.
Чаму жанчыны дагэтуль збольшага недастаткова бачныя і не на першых ролях у палітыцы? Як перастаць жыць 2020 годам? Якія задачы стаяць перад жанчынамі ў 2025 годзе? Паслухалі выступоўцаў і задалі пытаньні ўдзельніцам форуму ў Стакгольме.
Лідэрка дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская казала пра тое, што быць жанчынай у Беларусі — цяжка.
— Быць жанчынай у палітыцы — яшчэ цяжэй. Я ведаю гэта з уласнага досьведу. Гэта ня толькі пра пастаянны ціск і выклікі. Гэта таксама пра тое, што экспэрты называюць «сындромам самазванца» — пачуцьцё, што ты ніколі не бываеш дастаткова добрай. Наша аўтарытарная сыстэма і сыстэма адукацыі вучаць людзей, асабліва жанчын, маўчаць. Трымацца ўбаку. Не выдзяляцца. Мы ўсе неаднаразова чулі: «Жанчыне месца на кухні». Я нічога ня маю супраць кухняў. Але я ведаю, што жанчыны здольныя на значна большае — асабліва калі яны аб’ядноўваюцца.
Наша мэта — прапанаваць выразную альтэрнатыву Беларусі Лукашэнкі, дзе жанчыны маюць толькі сымбалічныя або дэкаратыўныя ролі. Мы хочам бачыць Беларусь, у якой жанчыны вядуць, прымаюць рашэньні і фармуюць будучыню. У нашай Каардынацыйнай радзе амаль 40% дэлегатак — жанчыны. У нашай дэлегацыі ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы палову складаюць жанчыны. І, вядома, мы заўсёды імкнёмся, каб палову дакладчыкаў на форумах і публічных дыскусіях таксама складалі жанчыны. Мы таксама плянуем падаць праект закону аб гендэрнай роўнасьці — юрыдычную аснову, якая гарантуе недыскрымінацыю, абарону правоў і роўнае прадстаўніцтва. Гэта будзе дарожная мапа, якая забясьпечыць, каб дзяржава — на ўсіх узроўнях — працавала для жанчын і разам з жанчынамі.
Паводле Ціханоўскай, у 2025 годзе змаганьне — гэта ня спрынт, а маратон, і менавіта жанчыны добрыя на доўгіх дыстанцыях.
Сьвятлана Ціханоўская выступае на форуме
Адна з арганізатарак форуму ў Стакгольме Юлія Міцкевіч, першая намесьніца прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльных пытаньнях, адказная за пытаньні гендэрнай роўнасьці, крытычна выказалася наконт бачнасьці і рэпрэзэнтаванасьці жанчынаў у дэмакратычных сілах. Жанчыны робяць вялікую працу, але часта яны нябачныя, недастаткова прадстаўленыя і не на першых ролях. Паводле яе, «сапраўдны час для гендэрнай роўнасьці — цяпер і заўсёды, аднаго дня дыскусіяў пра гэта недастаткова». Паводле палітыка, у пытаньні гендэрнай роўнасьці маюць быць уключаныя як жанчыны, так і мужчыны.
Выступае Юлія Міцкевіч
Як зьмянілася роля беларускіх жанчын пасьля 2020 году? Ці трэба перастаць жыць 2020 годам? — спытала Свабода ўдзельніц форуму.
Віцэ-сьпікерка Каардынацыйнай рады Стася Гліньнік спадзяецца на пазбаўленьне ад вобразу жанчын беларускага пратэсту як жанчын аднаго дня, жанчын у белым з кветкамі.
— Спадзяюся, мы будзем бачыць нашу разнастайнасьць. Жанчыны ўзначальвалі страйкавыя камітэты, яны працуюць ува ўсіх арганізацыях — і ў недзяржаўных, і ў палку Каліноўскага, рэалізоўваюць свае праекты. У Вільні большасьцю беларускіх арганізацыяў кіруюць жанчыны. Мы мусім пакінуць у мінулым стэрэатыпізацыю жанчын. У тым ліку стэрэатыпы пра «прыгожую бляндынку, якая закахалася ў кагэбіста і зьехала з грашыма», якія распаўсюджвалі пэўныя мэдыя, пішучы пра зьнікненьне сьпікеркі КР Анжалікі Мельнікавай.
Што мы возьмем з сабой з 2020 году?
Філёзафка Вольга Шпарага лічыць, што ў 2025 годзе ў кантэксьце непазьбежнай мілітарызацыі варта гаварыць аб правах жанчын, удзеле жанчын, праблемах ЛГБТК.
— Гэта ўсё кантэкст правоў чалавека, неабходны ў любой сытуацыі, асабліва падчас такіх канфліктаў, як вайна.
Старшы дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка падкрэсьліў, што «жанчыны заўсёды адыгрывалі ролю ў дэмакратычных сілах, але пасьля 2020 году гэтая роля стала больш заўважная».
— Людзі, якія былі непублічныя, трапілі на публічныя пазыцыі. Важна памятаць ролю жанчын, якія і 25–30 гадоў таму былі актыўныя ў палітыцы.
Франак Вячорка згадаў у тым ліку сваю маці Арыну Вячорку, якая стварыла і ўзначальвала рыцарскі клюб. Палітык гаварыў і пра патрыярхальную спадчыну ў дэмакратычных структурах, калі часам лічаць, што не на ўсе структуры можна прызначаць жанчын.
Праграма жаночага лідэрства
У час форуму «Women Empowerment & Democracy for Belarus Forum 2025» Сьвятлана Ціханоўская і Марыя Мальмэр Стэнэргард абвесьцілі пра стварэньне праграмы разьвіцьця жаночага лідэрства. Праграму падтрымаў швэдзкі ўрад.
10 жанчын-лідэрак былі адабраныя праз конкурс на ўдзел у праграме. Сярод іх журналісткі, грамадзкія дзяячкі, праваабаронцы і дзяячкі культуры. Іх чакае інтэнсіўная праграма — з сустрэчамі і трэнінгамі ў розных краінах.
Акрамя таго, у час сустрэчы зь Ціханоўскай міністарка заявіла, што Швэцыя павялічыць падтрымку незалежных СМІ, вылучыць падтрымку для Радыё Свабода, Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, праваабарончых і культурніцкіх ініцыятываў, грамадзянскай супольнасьці.
Таксама анансавалі, што Швэцыя разам зь беларускімі праваабаронцамі запускае праграму дзіцячых летнікаў для дзяцей палітзьняволеных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Стакгольме заявіла, што беларускія жанчыны ў 2020 годзе зьмянілі хаду гісторыі