Арганізатар нелегальнай міграцыі: «Празь Беларусь спрабаваць небясьпечна»

Ілюстрацыйнае фота

Украінскі арганізатар нелегальнай міграцыі расказаў, чаму ўхілістам ня варта ісьці празь Беларусь

Украінец, абазнаны ў практыцы нелегальнага выезду вайсковаабавязаных з краіны, адказаў у TikTok на пытаньне, «што будзе, калі ісьці праз Беларусь: ці небясьпечна гэта, ці пусьцяць далей».

Маршрут ухілістаў праз Гомельскую вобласьць ня самы папулярны, але некаторыя людзі з Украіны выбіраюць яго для таго, каб трапіць у Эўразьвяз — раней шмат пісалі пра тое, што пасьля затрыманьня, праверкі і допыту беларускія памежнікі адвозяць украінскіх ухілістаў на мяжу з Польшчай.

Аднак экспэрт у нелегальнай міграцыі ўжо ня раіць шлях праз Беларусь:

«У рэальнасьці небясьпечна і непрадказальна. На мяжы — міны, загароды, патрулі. Людзей ловяць і без размоваў перадаюць у ТЦК (Тэрытарыяльны цэнтар камплектаваньня і сацыяльнай падтрымкі, які выконвае ролю вайсковага камісарыяту. — РС). Але нават калі ўдалося прайсьці — у Беларусі ты не грамадзянін. Тыя, хто трапляе ў Беларусь, расказвалі рознае. Адных разварочвалі, другіх трымалі ў ізалятарах. Выехаць адтуль можна толькі праз афіцыйныя КПП. Беларусь — гэта не Эўропа, там іншыя правілы. Там ты нелегал, і ўсё залежыць ад настрою памежніка».

Некалькіх арганізатараў нелегальнай міграцыі ў Беларусь затрымалі і засудзілі ва Ўкраіне.

Летась Свабода пісала, як у Гомельскую вобласьць на надзіманым матрацы прыплыў грамадзянін Украіны. Парушальніка затрымалі і судзілі ў Беларусі (завочна, бо на суд ён не зьявіўся) за «перамяшчэньне тавараў праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага зьвязу» — так быў кваліфікаваны надзіманы матрац цаной 25 рублёў. Пра лёс самога ўкраінца не паведамлялі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінец расказаў, як на матрацы пераплыў праз Дняпро ў Беларусь і трапіў у рукі КДБ. Што было далей


  • У Кіеве на сакавік сёлетняга года ў вышуку ТЦК знаходзяцца каля 70 тыс. чалавек. На ліпень 2024 году ва Ўкраіне ад лютага 2022 у вышуку былі каля 400 тысяч ухілістаў.
  • Ад пачатку 2025 году ва Ўкраіне адкрылі 9658 справаў аб парушэньні правілаў вайсковага ўліку — амаль столькі ж, колькі за ўвесь 2023 год.