На Гомельшчыне рабочых адпраўляюць у неаплатныя адпачынкі, бо кітайскія канкурэнты пераймаюць замовы з Расеі

Рэчыца, ілюстрацыйнае фота

Работнікаў Рэчыцкага заводу мэталавырабаў пачалі выпраўляць у непрацяглыя неаплатныя адпачынкі, даведаўся «Флагшток» ад крыніцы, зьвязанай з прадпрыемствам.

«Загрузка ўпала прыкладна на траціну, замоваў стала менш. Ужо ёсьць прастоі», — расказаў суразмоўца.

Паводле яго, выкарыстаньне магутнасьцяў скарацілася ў тым ліку праз замоўцаў з Расеі, якія падпісалі кантракт, але потым адмовіліся ад яго выкананьня. Прычына ў прыходзе на расейскі рынак канкурэнтаў з Кітаю — у Рэчыцкага заводу мэталавырабаў сарвалася маштабная замова: «Учынілі заводу страты на 6 ці 7 мільёнаў даляраў».

У цэлым на прадпрыемстве «асеў збыт», сярод працаўнікоў ходзяць чуткі, што кіраўніцтва плянуе пазбавіцца ад некалькіх соцень зь іх. Аднак скарачаць іх ня хочуць, каб не выплачваць кампэнсацыю: «Чакаюць, пакуль людзі самі сыдуць — і многія сыходзяць».

Як раней паведамляла Радыё Свабода, падобная сытуацыя ўзьнікла на Беларускім мэталюргічным заводзе праз падзеньне збыту мэталапракату на расейскім рынку, на які арыентуецца жлобінскае прадпрыемства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На БМЗ прызналі, што завод зьнізіў аб’ёмы вытворчасьці праз наступствы санкцыяў і цэны на сусьветным рынку