Трамп датэрмінова пакінуў саміт G7, не сустрэўшыся зь Зяленскім. Ён таксама заклікаў да эвакуацыі Тэгерану

Дональд Трамп на саміце G7 16 чэрвеня 2025 году

Трамп патлумачыў ад’езд «важнымі справамі» ў Вашынгтоне. Пры гэтым ён публічна зьняпраўдзіў словы прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона, нібыта ён вяртаецца для таго, каб заняцца спыненьнем агню паміж Ізраілем і Іранам.

«Няправільна! Ён не ўяўляе, чаму я зараз еду ў Вашынгтон, але гэта дакладна ня мае нічога супольнага з спыненьнем агню. Значна больш маштабнае. Наўмысна ці не, Эманюэль заўсёды памыляецца. Чакайце навін!» — напісаў Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы.

Яшчэ раней ён заклікаў жыхароў іранскай сталіцы тэрмінова пакінуць горад.

«Іран павінен быў падпісаць „угоду“, якую я ім казаў падпісаць. Якая ганьба і марнаваньне чалавечых жыцьцяў. Проста кажучы, ІРАН НЯ МОЖА МЕЦЬ ЯДЗЕРНАЙ ЗБРОІ. Я казаў гэта зноў і зноў! Усе павінны неадкладна эвакуавацца з Тэгерану!» — напісаў Трамп.

Перад тым як Трамп пакінуў саміт, усе сем лідэраў падпісалі сумесную заяву, падкрэсьліўшы «важнасьць абароны мірных жыхароў» з абодвух бакоў канфлікту.

Брытанія, Злучаныя Штаты, Італія, Канада, Нямеччына, Францыя і Японія таксама заявілі, што Іран «ніколі ня можа мець ядзерную зброю», а Ізраіль «мае права абараняць сябе».

Лідэры краін «Вялікай сямёркі» выказалі надзею, што вырашэньне іранскага крызісу «прывядзе да шырэйшай дээскаляцыі ваенных дзеяньняў на Блізкім Усходзе, уключаючы перамір’е ў Газе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нафтавы падарунак і ўзьвелічэньне Пуціна. Як канфлікт Ізраілю і Ірану можа паўплываць на вайну Расеі супраць Украіны?

На пытаньне, што павінна адбыцца, каб ЗША ўцягнулася ў гэты канфлікт, Трамп адказаў, што ня хоча пра гэта гаварыць.

Ізраіль ня змог зьнішчыць прадпрыемства ўзбагачэньня ўрану каля вёскі Фардо, бо яно месьціцца глыбока пад зямлёй. Вайсковыя экспэрты, на якіх спасылаюцца амэрыканскія мэдыя, кажуць, што Ізраілю спатрэбіцца адмысловая амэрыканская бомба для разбурэньня бункераў. Але яе можа даставіць толькі амэрыканскі бамбавік-няўгледка B-2.

Датэрмінова зьехаўшы, Трамп прапусьціць заплянаваную сустрэчу з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімерам Зяленскім.

16 чэрвеня прэзыдэнт ЗША заявіў, што Расею дарма выключылі зь «Вялікай васьмёркі» пасьля анэксіі ёю Крыму ў 2014 годзе. Ён назваў гэты крок «вялікай памылкай», дадаўшы, што, на яго думку, тады б Расея не ўварвалася ва Ўкраіну ў 2022 годзе.

«Пуцін размаўляе са мной. Ён ні з кім іншым не размаўляе... Ён не задаволены гэтым. Я магу сказаць вам, што ён практычна нават не размаўляе з тымі людзьмі, якія яго выгналі, і я згодны зь ім», — сказаў тады Трамп.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Канадзе адкрываецца саміт G7. Запрошаны і Ўладзімір Зяленскі