«Мы ўсе крыху звар’яцелі». Рэпартаж з варшаўскай сустрэчы Сьвятланы Алексіевіч

Сьвятлана Алексіевіч на сустрэчы ў Варшаве, 16 чэрвеня 2025

Абяцаных кніг пра каханьне і старасьць пакуль ня будзе. Бо нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч ніяк ня можа разабрацца з «чырвоным чалавекам» і ўзялася за кнігу «У чаканьні новых барбараў».

«Я жыву з пачуцьцём віны»

У Варшаве адбылася сустрэча з нобэлеўскай ляўрэаткай Сьвятланай Алексіевіч. Вялікая заля Новага тэатру не магла зьмясьціць усіх ахвотных: людзі сядзелі на падлозе, стаялі ў праходах. На сустрэчу прыйшлі каля 500 чалавек.

У кастрычніку 2020 году нобэлеўская ляўрэтка, старшыня Беларускага ПЭНу, сябра Каардынацыйнай рады Сьвятлана Алексіевіч вымушана была пакінуць Беларусь. Ужо амаль пяць гадоў Алексіевіч жыве ў Бэрліне.

«9 верасьня 2020 году раздаўся званок у дзьверы маёй менскай кватэры, у двары стаяла некалькі цёмных бусікаў. Але я была не адна: у маім двары знаходзіліся шмат беларусаў. Так што гэтыя цёмныя бусікі зьехалі. Людзі, якія выехалі зь Беларусі, апавядалі мне, што дзе б яны ні жылі, дагэтуль баяцца тых бусікаў. Так, мне давялося зьехаць, але магу сказаць, што мне нялёгка жывецца з гэтым рашэньнем: я жыву з пачуцьцём віны.

Я ня ведаю, калі вярнуся дадому, як і многія з вас. А яшчэ хачу выказаць сваё зьдзіўленьне і радасьць ад таго, што ў залі на сустрэчы зь пісьменьнікам можа быць так шмат людзей, якія вераць у слова, яшчэ вераць у сілу слова!» — Сьвятлана Алексіевіч не хавае эмоцыяў.

Сустрэча са Сьвятланай Алексіевіч у Варшаве, 16 чэрвеня 2025 году

Гэта ўжо другая эміграцыя Сьвятланы Алексіевіч (зь сярэдзіны 2000-х жыла спачатку ў Італіі, потым у Францыі і Нямеччыне, у 2013 годзе вярнулася ў Беларусь).

«Вядома, я сумую па сваіх родных мясьцінах. У сілу таго жанру, якім я займаюся, мне неабходна жыць сярод сваіх людзей, маё вока павінна шмат бачыць, а вуха чуць. Нягледзячы на тэхнагеннасьць, мабільнасьць новых часоў, мы зьвязаныя з роднымі мясьцінамі амаль фізіялягічна. Штосьці нас прывязвае да гэтага золку, да захаду сонца. Так, гэта нялёгка — жыць на чужыне», — прызнаецца пісьменьніца.

Непрадказальная будучыня

Цяжка палічыць прапарцыйны склад беларусаў і палякаў на сустрэчы, але колькасьцю вострых пытаньняў, веданьнем беларускіх праблемаў і творчасьці нобэлеўскай ляўрэаткі палякі беларусам не саступалі. Нават узгадалі фільм швэдзкага рэжысэра Стафана Юлена «LYUBOV» пра тое, як Алексіевіч працавала ў Беларусі над новай кнігай пра каханьне і мноства размоваў зь героямі правяла на менскай кухні. Як пачуваецца яна бяз той кухні ў Бэрліне?

«Так, кухня для беларуса і расейца — гэта больш, чым месца для ежы і размоваў паміж сваякамі. Менавіта на кухнях „прагаворвалі“ не адну рэвалюцыю, вялі размовы, за якія людзі траплялі ў ГУЛАГ, гэта месца шчырых размоваў, мрояў. Гэтага ў мяне ў Бэрліне, вядома, няма. Ёсьць вялікі пакой, дзе я сустракаюся зь сябрамі, з героямі новых кніг — бо мы ўсе крыху звар’яцелі, а нам патрэбна месца, дзе можна пагаварыць», — з сумам узгадвае сваю менскую кухню пісьменьніца.

Сустрэча са Сьвятланай Алексіевіч у Варшаве, 16 чэрвеня 2025 году

І адказвае на пытаньне: ці здольныя людзі яшчэ размаўляць?

«Усё ж не дарма Бог даў нам слова. Іншая рэч, што цяпер людзі ўпадаюць у адчай. Цяжка знайсьці тыя словы, каб мы былі цікавыя адно аднаму. Я не хачу сказаць, што словы нічога не робяць… Будучыня непрадказальная. І пра мінулае цяжка гаварыць — ёсьць расейская прымаўка: „Мінулае таксама цяжка прадказаць“.

Нам патрэбныя, напэўна, сёньня нейкія іншыя словы, іншая філязофія жыцьця — мы знаходзімся ў пошуку. У нас няма адчуваньня, што гэта той лідэр, які нам патрэбны. Усё нясе нейкі адбітак часовасьці, а часовасьць гэтая сёньня вельмі небясьпечная — бо з газэт, з нашых галоваў не сыходзяць думкі пра трэцюю ўсясьветную вайну», — кажа Алексіевіч.

Сьвятлана ўзгадвае, як запыталася ў штучнага інтэлекту пра трэцюю ўсясьветную. На нейкую хвіліну нават ён замоўк, задумаўся, а потым пачаў трансьляваць тое, што і так вядома з мэдыя.

Новае сярэднявечча

Мадэратарка гутаркі Тацяна Нядбай пытаецца ў нобэлеўскай ляўрэаткі: ці праўда, што ідэя дыялёгу і свабоды, разнастайнасьці і адказнасьці сёньня ўжо не захапляе людзей? І што дэмакраты ўсё часьцей прайграюць спакусе моцнай рукі? І што ў модзе голас народу ў выглядзе лайкаў і хэйтаў?

«Я мяркую, калі б мы селі адно супраць аднаго і пагаварылі пра таямніцу жыцьця, нягледзячы на тое, што зараз ідзе столькі войнаў, — мы б гаварылі пра тое, што хочацца жыць, а не паміраць. Кожны з нас прыгадаў бы нейкія моманты, калі жыцьцё працінала цябе…

Сучасны чалавек павінен задумацца: навошта абуваць боты і ісьці паміраць? Наўрад ці хто хоча гэтага. Але час кідае тых жа ўкраінскіх хлопцаў — ісьці і паміраць. А яны хацелі б жыць. Таму я думаю, што, нягледзячы на ХХІ стагодзьдзе, мы жывём ў нейкім новым сярэднявеччы», — перакананая спадарыня Алексіевіч.

Сустрэча са Сьвятланай Алексіевіч у Варшаве, 16 чэрвеня 2025 году. Мадэратаркі Тацьцяна Нядбай і Юстына Чахоўска.

На яе думку, «чырвоны чалавек» жыве дагэтуль, ён нікуды ня зьнік. А людзі выявіліся вельмі наіўнымі.

«Мы думалі, што камунізм памёр, чырвоная ідэя памерла, чырвоны чалавек памёр. Ня ведаю, як моладзь, але маё пакаленьне чытала „Канец гісторыі“ Фукуямы. Аднак мы выявіліся наіўнымі, бо чалавек сацыялізму, які дзясяткі гадоў сядзеў у лягеры — ня можа ён выйсьці за браму лягеру і адразу стаць вольным! Вось гэтыя міты сядзяць ў глыбіні сьвядомасьці. Яны мацнейшыя за нашыя словы, бо яны там, у падсьвядомасьці. І таму камунізм яшчэ ня мёртвы», — кажа пісьменьніца.

«Ненавіджу хахлоў. Ненавіджу і ўсё!»

Алексіевіч узгадвае, што калі пісала кнігу «Цынкавыя хлопчыкі» і была ў Афганістане, ніводная з матуляў, ніводзін з хлопцаў, зь якімі яна размаўляла ў Кабуле і ў паселішчах — ніхто не падтрымліваў вайну, усе ненавідзелі камунізм.

«А зараз дастаткова ўвайсьці ў расейскі альбо беларускі ютуб — і ўбачыш, як рускія людзі гінуць за тое, каб купіць лядоўню, машыну, выплаціць іпатэку. Вось так і апавядаюць расейскія мужчыны: „Мы селі з жонкай і дзецьмі, пагаварылі — і вырашылі, што ў нас шмат даўгоў і мне трэба ісьці на вайну. І я пайшоў ваяваць“. Іншы чалавек казаў: „Ненавіджу хахлоў“. — „За што?“ — „Ненавіджу і ўсё“.

Я магу шчыра прызнацца, што з словамі мне цяпер вельмі складана. Хоць і пішу новую кнігу. Бо ня ведаю, як прабіцца да гэтага чырвонага чалавека…», — кажа Алексіевіч.

Сустрэча са Сьвятланай Алексіевіч у Варшаве, 16 чэрвеня 2025 году

Сьвятлана ўзгадвае мэтафару расейскага пісьменьніка Аляксандра Кабакова: доўгі час людзі змагаліся з цмокам-камунізмам. І гэта была страшная, але прыгожая барацьба.

«Мы перамаглі гэтага цмока, азірнуліся вакол — паўсюль шмат шчуроў, а мы ня ведалі, як змагацца са шчурамі. Нашы літаратура і мастацтва ня ведаюць, як змагацца са шчурамі! Гэтыя монстры сядзяць у кожным чалавеку, у іх жывёльныя інстынкты. Мы занадта спрасьцілі паняцьце камунізму», — разважае яна.

«Бунт пакрыўджаных людзей»

Сьвятлана Алексіевіч выказала думку, што зараз адбываецца бунт «пакрыўджаных людзей»: і ў Расеі, дзе несправядліва падзялілі прыродныя багацьці і зрабілі прыватызацыю, і ў Амэрыцы, дзе пэўная частка людзей мяркуе, што зь ёю ня лічацца, што яны аказаліся нежаданымі.

«І знайшоўся Трамп, які гаворыць ад імя людзей. Тое самае адбываецца ў іншых краінах, дзе я нядаўна была: у Вугоршчыне, у Славаччыне — там таксама пакрыўджаныя людзі. Мне як пісьменьніцы бачыцца бунт пакрыўджаных людзей», — кажа нобэлеўская ляўрэатка.

Сустрэча са Сьвятланай Алексіевіч у Варшаве, 16 чэрвеня 2025 году

Ці можа сёньняшні эўрапеец навучыцца чамусьці ў чырвонага чалавека?

«Я была рада, калі на сустрэчах з чытачамі ў Ангельшчыне, Францыі, Нямеччыне чула, што гэтыя кнігі „ня толькі пра вас, але і пра нас“. Я была зьдзіўлена. Мае кнігі выдадзеныя ў 70 краінах сьвету, і людзі ў іх знаходзілі сябе. Калі дадаць прыроду чалавека, які ня так лёгка паддаецца дасканаласьці, а, наадварот, сацыялістычная ідэя разбэшчвае чалавека, то з гэтым чалавекам вельмі цяжка расстацца. Атрымліваецца тое, што мы бачым у Расеі: зноў вайна, зноў бедныя і багатыя, усё вяртаецца на кругі свае».

«Гора мне, калі я не прапаведую»

Часам Сьвятлану Алексіевіч называюць «пісьменьніцай катастрофаў», бо пісала яна пра жанчын і дзяцей у Другой усясьветнай вайне, пра Чарнобыль, пра Афганістан. Але сама яна ня згодная з такім азначэньнем.

«Я пішу пра вайну, пра Чарнобыль. Пішу пра тое, што адбываецца з душой чалавека. У адной кнізе я зрабіла падзагаловак „Канец чырвонага чалавека“. Выявілася — не канец. І я пішу новую кнігу, што з гэтым чалавекам цяпер: чаму ён жыве так доўга, што трымае яго, што клануе. І чаму гэта ня толькі расейская праблема.

Калі былі першыя публікацыі маіх кніг у Эўропе, мне казалі: „Ну гэта там у вас, а ў нас працэс незваротны“. Я б сказала, нашы праблемы цяпер — гэта культура гвалту і культура несправядлівасьці».

На думку нобэлеўскай ляўрэаткі, менавіта цяпер так важныя літаратура, культура, мастацтва. І творцы павінны гаварыць.

«Я заўсёды паўтараю словы апостала Паўла: „Нас ня чуюць, пропаведзі ня чуюць… Але гора мне, калі я не прапаведую“.

Зараз я запісваю людзей, якія ўдзельнічалі ў беларускай рэвалюцыі. Яны кажуць: „Мы пацярпелі паразу, але мы не здаемся“. І зьявілася новая філязофія „малых справаў“. Мы ня можам пагаджацца, што дэмакратыя адступае. Трэба аказваць супраціў. У кожнай краіне людзі шукаюць формы супраціву. Але вельмі важна захаваць сябе. Ня даць цемры часу нас растаптаць!».

«Сабакі брэшуць — караван ідзе»

Мадэратарка Юстына Чахоўская расказала, што польскі ПЭН пачаў акцыю «Забароненая літаратура», хоць Польшча даўно ўжо забылася, што такое цэнзура. Сабралі кнігі, забароненыя ў розных краінах сьвету, — атрымалася каля 300 пазыцыяў. І, вядома, у першых шэрагах — кнігі нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч, якія ўлады Беларусі сканфіскавалі зь бібліятэк і кнігарняў і прызналі «экстрэмісцкімі».

Ці не забірае сілы ў пісьменьніцы тое, што яе кнігі забароненыя на радзіме?

«Добрае пытаньне… Але няма на яго добрага адказу. Можа, праз мой характар. Калі я была ў Афганістане і невыносна было бачыць вайну, стары афганец мне сказаў: „Сабакі брэшуць — караван ідзе“. То бок калі ты пісьменьнік, калі пішаш — ідзі сваім шляхам.

Складанасьць у мяне ў іншым — як зразумець гэты наш час, як знайсьці словы для кожнага чалавека у гэтай залі, каб ён уступіў са мной ува ўнутраны дыялёг», — кажа пісьменьніца.

Прыхільнікі таленту Алексіевіч запыталіся, калі зьявяцца дзьве новыя кнігі, пра якія Сьвятлана апавядала яшчэ ў Беларусі, — пра каханьне і пра старасьць.

«Што да кніг пра любоў і старасьць — яны адкладаюцца, бо ніяк не магу разабрацца з „чырвоным чалавекам“ — я павінна яго дапісаць і паглядзець, што зь ім.

Працоўны назоў новай кнігі — „У чаканьні новых барбараў“. Цалкам відавочна, што нас чакаюць цяжкія часы. Нарошчваць патэнцыял супраціву трэба кожнаму, вучыцца ў моцных кніг, вучыцца ў моцных людзей. Бо новыя барбары зьмяняюцца, тэхналёгіі зьмяняюцца. І ўсё гэта будзе вымагаць ад нас сілы», — папярэджвае пісьменьніца.

«Украіна павінна калі не перамагчы, то спыніць Пуціна»

Пытаньні з залі былі дастаткова вострыя. Паляк запытаўся ў Сьвятланы, адкуль у яе столькі столькі талерантнасьці да расейскага імпэрыялізму. Ён спаслаўся на ліст Алексіевіч, апублікаваны ў расейскай «Новой газете», дзе яна пісала, што ня варта выдаткоўваць такія вялікія сродкі на ўзбраеньне, і заклікала спыніць агонь, ня кажучы, што найперш трэба змагацца з расейскім імпэрыялізмам.

«То бок у найгоршых эўрапейскіх традыцыях быў гэты ліст. Як жа так — калі Вы столькі ведаеце на тэму Савецкага Саюзу?» — зьдзівіўся ўдзельнік сустрэчы.

«Я заўсёды казала, што Ўкраіна павінна калі не перамагчы, то спыніць Пуціна. А ліст, пра які Вы казалі, больш прысьвечаны той тэме, што Эўропа не зрабіла належнага дзеля таго, каб Украіна спыніла Пуціна. Своечасова не далі самалёты, тэхніку, зброю. Загінулі шмат маладых украінцаў. Краіна панесла велічэзныя страты. Таму трэба як мага хутчэй гэта скончыць. Эўропа павінна стаць больш рашучай. Як мы бачым, нават Трамп выходзіць з гульні. Эўропа напалохалася па-сапраўднаму толькі зараз і зразумела, наколькі небясьпечны Пуцін», — разважае Сьвятлана.

Сустрэча са Сьвятланай Алексіевіч у Варшаве, 16 чэрвеня 2025 году. Зьлева направа: перакладчыца Марыя Луцэвіч-Напалкаў, Сьвятлана Алексіевіч, Тацьцяна Нядбай, Юстына Чахоўска

На пытаньне, ці будзе канец гэтай Расеі, канец Пуціна, нобэлеўская ляўрэатка адказала так:

«Вядома, я не астроляг. Але магу сказаць, што часу ім не перамагчы. Час заўсёды ідзе наперад. Ёсьць прыпынкі, ёсьць разьвілкі на шляху. Але час заўсёды коціцца наперад!»

«Нішто, акрамя каханьня, нас не ўратуе»

Некалі Сьвятлана Алексіевіч напісала, што нельга мець два сэрцы — адно для каханьня, другое для нянавісьці. Як выратаваць у гэты жорсткі час сэрца?

«У беларусаў, зь якімі я размаўляю, паўстае пытаньне: калі здарыцца новая Беларусь, што мы будзем рабіць з тымі маленькімі і вялікімі катамі? Адзін хлопец прымусіў мяне задумацца: ён сказаў, што хацеў бы бачыць іх усіх мёртвымі. Я яму адказала, што нянавісьць яшчэ нікога ня выратавала, яна будзе спараджаць новую нянавісьць, і гэта будзе бясконца.

Я мяркую, што павінны быць два шляхі — з аднаго боку, закон у дачыненьні тых, хто выгнаў нас з краіны, хто забраў у нас краіну. І каханьне: нішто, акрамя каханьня, нас не ўратуе.

Трэба выбіраць будучыню — ніхто не выбірае мінулага. У вас ёсьць дзеці, яны просяць будучыню, яны ня просяць мінулага».