«Некаторыя народныя дэпутаты былі супраць ухваленьня закону аб падвойным грамадзянстве, паколькі мяркуюць, што колішні грамадзяне Расеі і Беларусі, якія маюць грамадзянства іншай краіны, напрыклад, эўрапейскай, будуць спрабаваць атрымаць украінскі пашпарт. Аднак, наша Служба бясьпекі сумленна працуе», — сказаў народны дэпутат Украіны, намесьнік старшыні камітэту Вярхоўнай Рады ў пытаньнях правоў чалавека Руслан Гарбенка ў інтэрвію агенцтву «Укрінформ».
Паводле яго, інфармацыя пра такіх асобаў будзе пільна вывучацца і правярацца.
«Калі асоба ня будзе мець нічога супольнага з краінай-агрэсаркай, а будзе пражываць на тэрыторыі Ўкраіны неабходны час, здасьць іспыт па ўкраінскай мове, гісторыі Ўкраіны, на веданьне Канстытуцыі, будзе мець праўкраінскую пазыцыю, тады зможа атрымаць грамадзянства», — удакладніў ён.
Дэпутат дадаў, што закон асобна рэглямэнтуе мэханізм атрыманьня грамадзянства грамадзянамі Беларусі і Расея, якія трапілі пад палітычныя рэпрэсіі, а таксама грамадзян, якія ваююць у замежным легіёне.
«Такія асобы ня могуць афіцыйна адмовіцца ад грамадзянства Расеі і Беларусі, бо ня могуць вярнуцца ў свае краіны, аформіць неабходныя дакумэнты для спыненьня грамадзянства. Таму мы надаем такім асобам права декляратыўнай адмовы. Згодна з законам, дэклярацыя пра адмову ад замежнага грамадзянства — гэта дакумэнт, які пацьвярджае адмову замежніка ад грамадзянства іншай краіны, і які прызнае сябе толькі грамадзянінам Украіны. У такім выпадку асоба павінна падаць афіцыйны зварот у нашы органы ўлады», — дадаў Руслан Гарбенка.
18 чэрвеня Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла зьмены ў закон аб грамадзянстве, які дазваляе некаторым катэгорыям украінцаў і замежнікам захаваць грамадзянства іншай краіны, не адмаўляючыся ад грамадзянства Ўкраіны.
Форум