Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская дыяспара Баўгарыі прапанавала назваць імем Алеся Пушкіна алею


Алесь Пушкін
Алесь Пушкін

Алея месьціцца ў парку імя Геа Мілева ў Сафіі, побач — амбасада Беларусі ў Баўгарыі.

Беларусы Баўгарыі склалі пэтыцыю на адрас кіраўніка сталічнага раёна Слаціна.

«Мы лічым важным сымбалічна захаваць памяць пра такога годнага чалавека на нашай новай радзіме, якою, спадзяемся, стане для нас дэмакратычная і свабодная Баўгарыя», — адзначылі аўтары пэтыцыі.

Мастак Алесь Пушкін трапіў у няволю ў палітычна матываванай справе, праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. 11 ліпеня 2023 году ён памёр у лякарні, куды яго прывезьлі з горадзенскай турмы № 1. У мастака была прабадная язва страўніка, разьвіўся пэрытаніт, паліорганная няздатнасьць. Пушкіну было 57 гадоў.

Алесь Пушкін браў актыўны ўдзел у руху нацыянальнага адраджэньня, рэстаўраваў гістарычныя будынкі, расьпісваў цэрквы і касьцёлы, яго шмат разоў затрымлівалі з палітычных матываў.

Хто такі Алесь Пушкін

Алесь Пушкін быў адным зь яскравых беларускіх мастакоў і пэрформэраў апошніх дзесяцігодзьдзяў. Пушкін жыў у мястэчку Бобр у Крупскім раёне, удзельнічаў у мастацкіх і палітычных акцыях з канца 1980-х. Яшчэ ў 1988 годзе яго арыштавалі на пяць дзён за распаўсюд улётак да Дзядоў.

На Дзень Волі 1989 году, яшчэ пры СССР, Пушкін выйшаў з плякатам «Досыць сацыялістычнай, адродзім незалежную Беларусь». Так студэнт тэатральна-мастацкага інстытуту прайшоўся па цэнтральным праспэкце Менску. За тую акцыю мастак атрымаў два гады ўмоўна, на суд прыйшоў у вышыванцы і адказваў на пытаньні па-беларуску.

У 1999 годзе Пушкін правёў пэрформанс каля будынку адміністрацыі прэзыдэнта, куды прывёз тачку з гноем і партрэтам Лукашэнкі, які праткнуў віламі, вываліўшы гной. І за гэтую акцыю Алесь быў пакараны двума гадамі ўмоўна.

У 2020 годзе Пушкін падтрымаў пратэсты. Яго схапілі і пабілі, як і іншых удзельнікаў акцый. Выйшаўшы з ізалятара, ён паказаў сінякі на сваім целе.

Крымінальную справу на Пушкіна завялі за партрэт дзеяча антысавецкага супраціву Яўгена Жыхара, угледзеўшы ў гэтым творы «рэабілітацыю нацызму».

Пушкін мог застацца за мяжой — бо ў той час, калі даведаўся пра крымінальную справу, быў у Кіеве, — але вырашыў вярнуцца ў Беларусь. За карціну мастаку прысудзілі 5 гадоў зьняволеньня. У апошнім інтэрвію на волі ён казаў, што ў Беларусі будзе ў турме, але застанецца пры гэтым жывы.

Пушкін прайшоў праз вайну, ён служыў у войску ў Афганістане. Апошнім часам зьняволеньне адбываў у турме ў Горадні. Там яму і стала блага са здароўем. Пушкін памёр у шпіталі ад прабадной язвы, дапамогу яму аказалі запозна. Пахаваны ў сваім родным Бабры.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG